Apple збіраецца выпусціць ноўтбук з сэнсарным дысплеем
Кампанія Apple працуе над ноўтбукам з сэнсарным дысплеем. Першы такі камп'ютар з'явіцца ў 2025 годзе.
12.01.2023 / 09:42
Навінку прэзентуюць як частку маштабнага абнаўлення MacBook Pro. Ужо ідзе праца над праектам гаджэта, але яго вытворчасць пакуль не запушчана.
Больш за 10 гадоў Apple адкідала ідэю выпусціць ноўтбук з сэнсарным экранам. У кампаніі заяўлялі, што дастаткова планшэтаў iPad, а ў свой час Стыў Джобс і зусім раскрытыкаваў ідэю, назваўшы яе «жудаснай з эрганамічнага пункту гледжання».
Зрэшты, у кампаніі дагэтуль не ўпэўненыя, што MacBook з сэнсарным экранам не ўдарыць па продажах iPad. Але змяніць стаўленне да такіх гаджэтаў вырашылі з-за канкурэнтаў, якія ўжо дадаюць сэнсарныя экраны ў свае ноўтбукі.
Мяркуюць, што першы «яблычны» ноўтбук з сэнсарным экранам выпусцяць у традыцыйным дызайне, пры гэтым экран будзе падтрымліваць сэнсарны ўвод.