«Пуцін дае Еўропе шанс адумацца». Крамлёўская метадычка расказвае прапагандзе, як трэба падводзіць вынікі года

Палітычны блок Адміністрацыі прэзідэнта РФ падрыхтаваў метадычку для прапаганды пра тое, як менавіта трэба падводзіць вынікі 2022 года. Усе рэкамендацыі ў дакуменце, які трапіў у распараджэнне «Медузы», падзеленыя на чатыры блокі: «галоўнае», «узмацненне Расіі», «СВО» (так расійскія ўлады называюць вайну з Украінай) і «новы светапарадак».

30.12.2022 / 20:13

Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

У раздзеле «Галоўнае» аўтары «рэкамендуюць» у чарговы раз падкрэсліць, што Уладзімір Пуцін, адправіўшы войскі ва Украіну, «прыняў адзіна правільнае рашэнне, чым прадухіліў напад Украіны і НАТА на тэрыторыю Расіі, які рыхтаваўся». У метадычцы гаворыцца, што заходнія краіны рыхтаваліся да атакі на Расію з 2014 года і збіраліся «падзяліць і скарыць расійскі народ» (менавіта ў 2014-м Расія анексавала Крым і справакавала канфлікт на Данбасе).

«Спецаперацыю» аўтары тэксту называюць «паспяховай», а ў якасці пацвярджэння разважаюць аб «абароне Расіяй мільёнаў рускіх людзей, вяртанні рускіх зямель і ўмацаванні нацыянальнай бяспекі».

Пры гэтым аўтары не згадваюць, што Масква не кантралюе цалкам ні адзін з чатырох анексаваных рэгіёнаў, а таксама страціла Херсон — адзіны ўкраінскі абласны цэнтр, захоплены расійскай арміяй пасля 24 лютага.

Складальнікі метадычкі адзначаюць, што расійская армія «паспяхова дасягае мэты СВО па дэмілітарызацыі і дэнацыфікацыі Украіны». Пацвярджаць гэтую думку яны раяць з дапамогай афіцыйных звестак, якія рэгулярна публікуе Мінабароны РФ (з рэальнасцю яны маюць мала агульнага).

Зрэшты тут жа прапагандыстам «рэкамендуюць» абмовіцца, што Расія ваюе не з Украінай, а з НАТА — «магутнай вайсковай машынай у гісторыі чалавецтва», якая тым не менш «не зламала расійскае войска».

НАТА — гэта вораг зусім іншага маштабу і ўзроўню, чым кіеўскі рэжым. Калі б не Захад, Украіна даўно была б дэмілітарызаваная і прыняла б умовы Расіі. Хуткіх перамог ніхто не чакае — час працуе на Расію. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем: зацішша на фронце звязана з перагрупоўкай сіл і неабходнасцю навучыць мабілізаваных, прыводзіць «Медуза» тэзісы метадычкі.

У той жа час аўтары прапануюць прапагандыстам іншы тэзіс — «Захад дае ўсё менш тэхнікі і сродкаў Украіне», але не тлумачаць, як быць з тым, што ён супярэчыць усяму астатняму.

Нарэшце, у блоку «ўзмацненне Расіі» складальнікі тэксту «рэкамендуюць» рабіць акцэнт на «згуртаванні грамадства». Напрыклад, высокі афіцыйны рэйтынг Пуціна (паводле ацэнкі ВЦІОМ яму давяраюць 78,5% рэспандэнтаў) яны наўпрост звязваюць з «безумоўнай падтрымкай расіянамі спецаперацыі». Пры гэтым, як раней распавядала «Медуза», нават закрытыя апытанні Крамля пацвярджаюць: расіяне стаміліся ад вайны і хочуць мірных перамоў з Украінай.

Дадаткова ў сваіх выніковых відэа і тэкстах прапагандысты раскажуць расіянам пра тое, што эканоміка краіны мае «велізарны запас трываласці і патэнцыял для развіцця», а «сітуацыя ў ёй і далей будзе паляпшацца» (насамрэч гэта, натуральна, не так).

У раздзеле «новы светапарадак» супрацоўнікі адміністрацыі Пуціна называюць Расію «лідарам краін», якія «не прызнаюць выключнасць Захаду», і «лідарам справядлівага, дэмакратычнага і шматпалярнага свету».

У крамлёўскай метадычцы сказана, што Пуцін дае «Еўропе шанец адумацца і вярнуць сабе суб'ектнасць і будучыню». Цяпер жа еўрапейскія краіны ўяўляюць сабой «васалаў» і «перыферыю» ЗША, і будучыня ў іх ёсць толькі «ў цесным супрацоўніцтве з Расіяй».

Nashaniva.com