Памёр акцёр Андрэй Дударэнка

Стала вядома, што 28 снежня на 93-м годзе жыцця памёр акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага Андрэй Дударэнка. Інфармацыя з'явілася ў афіцыйным акаўнце тэатра ў сацыяльнай сетцы.

30.12.2022 / 00:02

Андрэй Дударэнка нарадзіўся 10 кастрычніка 1930 года ў Расіі. У 1959 годзе скончыў Ленінградскі дзяржаўны тэатральны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі па спецыяльнасці «акцёр тэатра і кіно», працаваў у шэрагу расійскіх правінцыйных тэатраў.

З 1988 года Дударэнка працаваў у Мінску ў Рускім тэатры імя Горкага. За сваю кар'еру ў тэатры ён сыграў больш за 30 галоўных роляў, а таксама зняўся ў больш чым 50 кінафільмах. 

Дударэнка працаваў з вядомымі кінарэжысёрамі, у ліку якіх Міхаіл Пташук, Уладзімір Хаціненка, Генадзь Палока, Аляксей Герман і іншыя. Самыя вядомыя фільмы з ягоным удзелам — «Халоднае лета 53-га», «Мой сябар Іван Лапшын», «У жніўні 44-га» і іншыя.

Па інфармацыі тэатра, развітанне з Андрэем Дударэнкам адбудзецца ў пятніцу, 30 снежня, у 11:30 у крэматорыі Паўночных могілак.

Nashaniva.com