Беларуску Юлію Раскіну прызналі найлепшай трэнеркай Германіі

У Нямецкім алімпійскім спартыўным саюзе ў канцы года ў намінацыі «Найлепшы трэнер» адзначылі адразу двух чалавек — трэнера па бабслеі Рэнэ Шпіса і беларускую трэнерку па мастацкай гімнастыцы Юлію Раскіну, паведамляе Tribuna.com.

25.12.2022 / 18:52

Юлія Раскіна — былая вядомая спартсменка. Яна сярэбраная прызёрка Алімпійскіх гульняў 2000 года, чэмпіёнка і прызёрка чэмпіянатаў свету і чэмпіянатаў Еўропы.

Цяпер яна трэніруе гімнастак на федэральнай базе падрыхтоўкі рэгіёна Бадэн-Вюртэмберг. Менавіта Раскіна падрыхтавала гімнастку Дар'ю Варфаламееву, якая сёлета, выступаючы за Германію, узяла адразу пяць медалёў на чэмпіянаце свету.

У 2020 годзе Юлія Раскіна праявіла і грамадзянскую пазіцыю і падпісала адкрыты ліст беларускіх спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту.

Nashaniva.com