Сенат ЗША прыняў бюджэт на наступны год з $45 млрд дапамогі Украіне

Сенат ЗША ўхваліў праект бюджэту краіны на 2023 фінансавы год, які завяршаецца 30 верасня. Аб'ем бюджэту — каля 1,7 трлн даляраў.

23.12.2022 / 08:02

На вайсковую дапамогу Украіне ў законапраекце закладзена 23,5 млрд даляраў, а агулам на артыкулы, звязаныя з вайной ва Украіне, — навучанне вайскоўцаў, абсталяванне (у тым ліку ўзбраенні), лагістыку, разведвальную падтрымку, а таксама папаўненне амерыканскіх запасаў, перададзеных Украіне — 44,9 млрд даляраў.

На працягу гэтага года Кангрэс ужо ўхваліў пакеты эканамічнай і ваеннай дапамогі Украіне на суму прыкладна ў 67 млрд даляраў.

Пасол Украіны ў ЗША Аксана Маркарава апублікавала кароткае тлумачэнне, на што менавіта пойдуць 45 млрд даляраў.

Такім чынам, уключаны ў бюджэт Закон аб дадатковым забеспячэнні Украіны прадугледжвае:

— 28,4 млрд ваеннай дапамогі,

— 13,37 млрд эканамічнай дапамогі,

— 4,92 млрд гуманітарнай дапамогі.

Ваенная дапамога ўключае, у прыватнасці, 9 млрд на забеспячэнне ўкраінскай арміі ўсім неабходным, ад тэхнікі да разведданых, 11,88 млрд на замяшчэнне перададзеных Украіне тэхнікі, зброі і боепрыпасаў ва ўласных арсеналах ЗША, і амаль 7 млрд даляраў — на звязаную з Украінай працу еўрапейскага камандавання войскаў ЗША.

Nashaniva.com