Авіякампаніі Беларусі і Расіі дамовіліся лётаць «трохкутнікамі»

Расійскія і беларускія авіякампаніі змогуць выконваць пасажырскія рэйсы паміж дзвюма краінамі па схеме «трохкутніка», у тым ліку ўнутраныя пералёты. Пра гэта дамовіліся ўлады абодвух дзяржаў, гаворыцца на сайце «Расавіяцыі».

14.12.2022 / 22:54

Арганізацыя палётаў па схеме «трохкутнік» азначае, што авіякампанія адной краіны будзе здзяйсняць не толькі міжнародныя рэйсы ў іншую краіну, але і ўнутраныя пералёты па яе тэрыторыі.

Так, «Белавія» зможа лётаць не толькі з Беларусі ў Расію і назад, але і па наступным маршруце: з Мінска — у Маскву, з Масквы — у іншы горад Расіі, а адтуль назад у Мінск.

У бягучым зімовым сезоне, які дзейнічае з лістапада па красавік, авіякампаніі Беларусі і Расіі будуць здзяйсняць пералёты з частатой 63 рэйсы на тыдзень. Пры гэтым для рэйсаў па схеме «трохкутнік» плячо Мінск — Масква (і наадварот) будзе лічыцца як 0,5 частаты.

Цяпер прамыя рэйсы паміж дзвюма сталіцамі выконваюць расійскія перавозчыкі «Аэрафлот» ды «Победа» і беларуская «Белавія».

Nashaniva.com