У 48 гадоў памёр акцёр Сяргей Зыгмантовіч

Паведамляецца, што акцёра не стала яшчэ ў пятніцу 9 снежня.

12.12.2022 / 14:42

Ва ўзросце 48 гадоў памёр беларускі і расійскі акцёр Сяргей Зыгмантовіч. Паводле папярэдняй інфармацыі, акцёра не стала ў пятніцу, 9 снежня 2022 года, аб прычынах смерці пакуль нічога не вядома, паведамляе «Камсамолка».

Сяргей Зыгмантовіч нарадзіўся ў 1974 годзе, у 1999 годзе атрымаў дыплом Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, служыў у Новым драматычным тэатры Мінска, а таксама ў тэатры «Дзе я?».

Упершыню на экране Сяргей Зыгмантовіч з'явіўся ў 1999 годзе: дэбютам стала эпізадычная, але яркая роля ў першым сезоне тэлесерыяла «Каменская». У розны час акцёр зняўся яшчэ ў трох сезонах «Каменскай»: гэта былі эпізоды і роля аператыўніка.

Агулам у фільмаграфіі артыста каля 40 роляў: «Паскораная дапамога», «У чэрвені 41-га», «Курсанты», «Адналюбы». Быў у Сяргея Зыгмантовіча і досвед прадзюсарскай працы: з 2016 па 2020 гады ён прадзюсаваў папулярны тэлесерыял «Мухтар. Новы след».

Nashaniva.com