Суд Літвы адмовіўся аднаўляць справу па транзіце «Беларуськалія»

Аднавіць справу прасіў «Беларуськалій». Па словах прадстаўніка Галоўнага адміністрацыйнага суда Літвы (ГАСЛ) Нерынгі Лукашавічэне, на мінулым тыдні суд адмовіўся аднавіць вытворчасць па справе, і яна не можа раскрыць прычыны такога рашэння, так як справа слухалася ў закрытым рэжыме, піша Delfi.lt.

12.12.2022 / 13:59

У чэрвені ГАСЛ заявіў, што заключэнне каардынацыйнай камісіі па ахове аб'ектаў, важных для нацыянальнай бяспекі, і пастанова ўрада аб тым, што дамова паміж Lietuvos gelezinkeliai і «Беларуськаліем» не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі, з'яўляюцца абгрунтаванымі і законнымі.

«Беларуськалій», уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША і Еўрасаюза, у студзені абскардзіў у судзе рашэнні ўрада і камісіі, згодна з якімі Lietuvos gelezinkeliai загадвалася скасаваць доўгатэрміновы кантракт з «Беларуськаліем» на транзіт угнаенняў апошняга праз Літву з 1 лютага, так як гэта не адпавядае інтарэсам бяспекі краіны.

Транзіт угнаенняў «Беларуськалія» праз Літву працягваўся амаль тры месяцы пасля таго, як 8 снежня мінулага года ўступілі ў сілу санкцыі ЗША супраць кампаніі. Гэты транзіт ад мяжы з Беларуссю да Клайпедскага порта ажыццяўляўся больш за дзесяць гадоў і, згодна з кантрактам, павінен быў працягвацца да канца 2023 года.

Кампанія па чыгуначных грузаперавозках LTG Cargo транспартавала каля 11 млн тон угнаенняў «Беларуськалія» на год, якія ў Клайпедскім порце праходзілі праз тэрмінал Biriu kroviniu terminalas, падкантрольны бізнэсмену Ігару Удавіцкісу і «Беларуськалію».

Nashaniva.com