Амерыканскі спартыўны журналіст памёр падчас матча Нідэрланды — Аргенціна ў Катары. Яго брат лічыць гэта забойствам

Грант Уол быў адным з самых вядомых футбольных журналістаў у ЗША. Ён працаваў на васьмі чэмпіянатах свету.

10.12.2022 / 11:36

Па словах рэпарцёраў, якія сядзелі побач з ім, Уолу стала дрэнна падчас дадатковага часу гульні. Журналісты паклікалі дапамогу, і работнікі экстранных службаў прыбылі на месца і паспрабавалі аказаць яму першую дапамогу.

Як вынікае са слоў арганізатараў турніру, журналіста адправілі ў бальніцу, аднак выратаваць яго не ўдалося. Федэрацыя футбола ЗША і прэзідэнт ФІФА Джані Інфанціна выказалі спачуванні родным і блізкім Гранта Уола.

Уол адкрыта крытыкаваў арганізатараў турніру, абвінавачваючы ў абыякавасці да смерцяў рабочых, якія працавалі на будаўніцтве аб'ектаў для ЧС.

У апошнія дні Грант скардзіўся на дрэннае самаадчуванне і дыскамфорт у грудзях. У пачатку турніру Уола не пусцілі на стадыён у футболцы з вясёлкавай сімволікай, якую ён надзеў у падтрымку ЛГБТ, і затрымалі на 25 хвілін. Пазней ФІФА папрасіла ў яго прабачэння.

Брат журналіста Эрык, адкрыты гей, заявіў, што лічыць смерць Уола забойствам. Паводле яго слоў, Грант Уол расказваў яму аб пагрозах.

Eric Wahl, the brother of sportswriter Grant Wahl who died in Qatar while covering the World Cup, is asking for help.

Grant was detained in Qatar for wearing a rainbow shirt two weeks ago pic.twitter.com/lak0b1UZwa

— philip lewis (@Phil_Lewis_) December 10, 2022

Nashaniva.com