Харватыя далучыцца да Шэнгенскай зоны з новага года, а Румынія з Балгарыяй пакуль не

Харватыя з 1 студзеня 2023 года далучыцца да Шэнгенскага пагаднення, а Румынія і Балгарыя працягнуць чакаць сваёй чаргі, нягледзячы на выкананне неабходных тэхнічных патрабаванняў. Супраць іх далучэння да Шэнгену выказваецца Аўстрыя, якая не выключае росту нелегальнай міграцыі праз гэтыя краіны.

08.12.2022 / 21:33

Нідэрланды таксама мелі прэтэнзіі, хоць і не да абедзвюх краін. Іх задавальняла сітуацыя ў Румыніі, але непакоіла Балгарыя — найперш «з-за недахопаў заканадаўства ў сферы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю».

Што да Харватыі, то з 1 студзеня 2023 года будзе адменены памежны кантроль на сухапутных і марскіх памежных пераходах Харватыі, а 26 сакавіка 2023-га — у аэрапортах.

Пры гэтым Балгарыя і Румынія далучыліся да Еўрасаюза раней за Харватыю, прытым даволі значна, на шэсць з паловай гадоў раней. Балгары і румыны сябры ЕС з 1 студзеня 2007 года, а харваты — з 1 ліпеня 2013-га.

Nashaniva.com