«Пісаў у інтэрнэце негатыўныя, непрыстойныя і недапушчальныя выказванні ў адрас Лукашэнкі» — у чым абвінавачваюць журналіста Мажэйку

Сёння пачаўся суд над Генадзем Мажэйкам, аўтарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Менавіта яго імя стаяла пад артыкулам пра забітага Андрэя Зельцэра, пасля публікацыі якога сайт «Камсамольскай праўды ў Беларусі» быў заблакаваны. Сам журналіст быў затрыманы ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года.

01.12.2022 / 11:51

Фота: Спутнік

Але тэкст пра Зельцэра — не адзінае, у чым вінавацяць Мажэйку.

Як піша «Спутнік», у абвінавачванні, якое зачытаў пракурор, сцвярджаецца, што «Мажэйка, праяўляючы амаральную зацікаўленасць у экстрэмісцкай дзейнасці, з'яўляючыся яе прыхільнікам і дзейнічаючы па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021 года здзейсніў шэраг злачынстваў».

Ён нібыта пісаў у інтэрнэце «негатыўныя, непрыстойныя і недапушчальныя» выказванні ў адрас Лукашэнкі, а на сустрэчы з дэпутатам Варанецкім, «парушаючы агульначалавечую мараль», праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады.

Мажэйка нібыта сказаў тады, што з аўтаматам бегаць можа толькі вар’ят.

Журналіст віну не прызнаў і заявіў, што на той сустрэчы пра Лукашэнку выказваўся не ён. У адрас улады ніякіх абразлівых выразаў ён не дапускаў і прыхільнікам апазіцыі не з’яўляецца.

Nashaniva.com