З'явілася ВІДЭА, як лукашэнкаўцы валакуць мужчыну ў трусах на мароз

Гэта адбываецца ў адным з гарадоў Віцебскай вобласці.

24.11.2022 / 21:18

У адным з каналаў сілавікоў з'явілася відэа, як двое, адзін у зімовай куртцы ў цывільным, другі ў зімовай куртцы з надпісам «ГУБОП» — па-расейску гэта значыць «ГУБАЗ» — валакуць чалавека са звязанымі за спінай рукамі па лесвіцы пад'езда ўніз. Ногі мужчыны б'юцца аб прыступкі, з іх злятаюць тапкі-сланцы. Па дарозе мужчыну некалькі разоў удараюць аб поручні.

На іншых кадрах таксама дэманструюцца доказы ягонай «віны»: беларуская сімволіка, антылукашэнкаўскія налепкі і самаробны плакат: «Протест не подавлен, Сил набирается, В наших сердцах БЧБ! Рать белорусов уже собирается, Тщетен террор КГБ!».

Чалавеку, якога мучаць, ставяць у віну наяўнасць беларускай сімволікі і пратэставых налепак

Прытым што зіма, лукашэнкаўцы валакуць чалавека ў трусах і хатніх тапках на двор.

Імя гэтага чалавека невядомае, як і ягоны прававы статус. Калі вы ведаеце пра гэтую справу больш ці ведаеце імя затрыманага, напішыце нам у тэлеграм @nasa_niva_bot ці на nivanasha@gmail.com. Альбо — асабіста тым журналістам і рэдактарам «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце і якім давяраеце (лепш — у сігнал ці тэлеграм).

Nashaniva.com