Расія дамовілася з Іранам пра вытворчасць дронаў

Іран і Расія заключылі пагадненне аб вытворчасці беспілотнікаў на расійскай тэрыторыі, піша WP.

20.11.2022 / 08:54

Паводле выдання, Масква непублічна дасягнула пагаднення з Тэгеранам аб пачатку вытворчасці сотняў беспілотнікаў на тэрыторыі Расіі.

Як паведамілі трое чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці, расійскія і іранскія чыноўнікі завяршылі здзелку падчас сустрэчы ў Іране ў пачатку лістапада, і абедзве краіны хутка рухаюцца да перадачы праектаў і ключавых кампанентаў, што можа дазволіць пачаць вытворчасць на працягу некалькіх месяцаў.

Для Масквы гэтая здзелка можа забяспечыць вострую патрэбу ў высокадакладных боепрыпасах, якіх не хапае пасля дзевяці месяцаў вайны.

Лідары Ірана могуць лічыць, што яны пазбегнуць новых санкцый, калі беспілотнікі будуць фізічна сабраны ў Расіі, мяркуюць чыноўнікі.

Расійскія заводы раней правялі нязначныя перапрацоўкі некаторых з купленых у Іране беспілотнікаў, змяніўшы, напрыклад, назву і каляровую гаму, каб яны больш нагадвалі расійскія. Але дагэтуль не было ўласнай вытворчасці дронаў іранскай распрацоўкі на расійскай тэрыторыі.

Nashaniva.com