Скульптура смажанкі можа з'явіцца ў Кіраўску. Там са смажанкамі творыцца рэальна нешта неймавернае

Гастранамічным брэндам Кіраўшчыны многія гады з'яўляецца смажанка, піша mogilevnews.by. Слава кіраўскай смажанкі выйшла далёка за межы раёна. «Многія жыхары вобласці і не толькі яе імкнуцца патрапіць у раённы цэнтр, каб самім пераканацца ў яе ўнікальных смакавых якасцях», — сцвярджае выданне.

19.11.2022 / 23:38

Кіраўская смажанка. Фота: koko.by

Лічбы, якія прыводзіць выданне, нават насцярожваюць. Паводле mogilevnews.by, кожны дзень прыдарожнае кафэ з сімвалічнай назвай «Смажанка» за дзень рэалізуе ад 2 да 4 тысяч смажанак.

А ў летні час, асабліва ў выхадныя дні, продаж вырастае да 5—6 тысяч штук.

Тут важна адзначыць, што колькасць жыхароў Кіраўска — каля 8 тысяч чалавек, у Кіраўскім раёне — каля 18 тысяч.

Як адзначаюць у Кіраўскім райспажыўтаварыстве, сярэднямесячны тавараабарот іх таварыства складае 330 тысяч рублёў, 170 тысяч (больш за палову!) з іх прыносіць рэалізацыя смажанак.

Фота: koko.by

На Кіраўшчыне вырашылі аддаць належнае свайму гастранамічнаму брэнду, увекавечыўшы яго ў скульптуры. Ці дакладна прынята рашэнне, ці гэта пакуль толькі ідэя, не паведамляецца.

Nashaniva.com