У Бабруйску «прафесійны» жабрак абакраў жанчыну ля царквы

У Бабруйску мужчына, які раней неаднаразова быў судзімы за крадзяжы, «працаваў» жабраком каля царквы. І чарговы крадзеж зрабіў акурат там, піша мясцовае выданне «Камерцыйны кур'ер».

17.11.2022 / 21:57

Недзе апоўдні 9 лістапада 30-гадовая жыхарка Бабруйска, вяртаючыся на ровары дадому з лецішча, па дарозе спынілася каля Свята-Іверскага храма ў мікрараёне Кісялевічы. Жанчына пакінула ровар каля агароджы, а разам з ім і заплечнік з рэчамі. Адно што толькі дастала грошы з кашалька, бо збіралася зрабіць пакупкі ў царкоўнай краме.

За гэтымі маніпуляцыямі назіраў 42-гадовы мужчына. Прыхаджанам храма ён вонкава быў добра знаёмы, паколькі рэгулярна знаходзіўся каля царквы, дзе прасіў міласціну.

Калі жанчына зайшла ў царкву, мужчына падышоў да пакінутых ёй рэчаў, расшпіліў заплечнік, дастаў адтуль швэдар, прадукты, мабільнік і кашалёк, пасля чаго павесіў заплечнік назад і пайшоў.

Жанчына выявіла прапажу толькі калі вярнулася дадому. І адразу ж паведаміла ў міліцыю. Падазраванага затрымалі ў той жа дзень. Большая частка выкрадзенага была канфіскаваная і вернутая ўладальніцы, мужчына паспеў патраціць толькі два даляры, якія знайшоў у кашальку.

Супраць «жабрака» была заведзеная крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 КК («Крадзеж, учынены паўторна»), бо раней ён ужо быў неаднаразова судзімы за такія злачынствы.

Nashaniva.com