Памочніка машыніста з Гомеля пакаралі калоніяй па чатырох артыкулах

У Гомельскім абласным судзе 9 лістапада ў закрытым судовым пасяджэнні вынесены прысуд Юрыю Трапачову. Яго абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (ч. 1 арт. 361-1), паклёпе на прэзідэнта (ч. 2 арт. 367), распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130), а таксама ў арганізацыі і прадрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), піша «Вясна».

15.11.2022 / 07:36

Судовы працэс пачаўся 2 лістапада, суддзя — Алег Харошка.

Пакуль вядома, што абвінавачаны Трапачоў працаваў памочнікам машыніста ў лакаматыўным дэпо ў Гомелі, яму — 41 год.

Быў прызнаны вінаватым у кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем, і на падставе ч. 1 арт. 361-1 КК ён быў асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам тры гады.

Ён жа прызнаны вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК асуджаны да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам два гады.

Ён жа прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, і на падставе ч. 1 арт. 130 КК асуджаны да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам тры гады.

Ён жа прызнаны вінаватым у паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, размешчаным у глабальнай камп'ютарнай сетцы інтэрнэт, які аб'ядноўваецца з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў, і на падставе ч. 2 арт. 367 КК мужчына пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам два гады.

Суд пастанавіў шляхам частковага аб'яднання абвінавачанняў, канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін чатыры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com