Міністр абароны Вялікабрытаніі: Расія пацярпела «стратэгічную паразу»

Міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес назваў «стратэгічнай паразай» адыход расійскага войска з Херсона і з правага берага ракі Дняпро. Паводле яго ацэнкі, узяцце Херсона было адзінай стратэгічнай мэтай, якую расійская армія змагла дасягнуць у самым пачатку вайны.

12.11.2022 / 16:12

SCANPIX/AP/Tristan Fewings

«Цяпер, калі яго [горад] здаюць, простыя людзі ў Расіі павінны, верагодна, задаць сабе пытанне: «Навошта ўсё гэта было?» У выніку незаконнага ўварвання расійская армія панесла вялікія страты ў жывой сіле, а дамаглася толькі міжнароднай ізаляцыі і прыніжэння», — сказаў міністр абароны.

Па словах Бэна Уолеса, Украіна працягне наступаць, а Вялікабрытанія і міжнародная супольнасць працягнуць падтрымліваць яе.

«Хоць адступленне і радуе, нельга недаацэньваць пагрозу, якая працягвае зыходзіць ад Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў каментары міністра абароны Злучанага Каралеўства.

Nashaniva.com