Чэхія разгледзіць магчымасць прызнання КДБ і ГУБАЗіКа тэрарыстычнымі арганізацыямі

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка правёў важныя сустрэчы ў парламенце і ўрадзе Чэхіі, падчас якіх дасягнуў з мясцовымі палітыкамі і чыноўнікамі некаторых важных дамоўленасцяў.

08.11.2022 / 22:53

Павел Латушка падчас сустрэчы з Маркетай Пекаравай Адамавай

Павел Латушка сустрэўся з парламенцкай дэлегацыяй Чэшскай Рэспублікі на чале са старшынёй Палаты дэпутатаў Парламента Чэхіі Маркетай Пекаравай Адамавай і правёў анлайн-сустрэчу з віцэ-прэм’ерам Іванам Барташам.

Падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў парламенцкай дэлегацыі пакет дакументаў для прызнання Чэхіяй КДБ і ГУБАЗіКа тэрарыстычнымі арганізацыямі, зварот арганізацыі «Беларускія студэнты ў Чэхіі» аб падтрымцы рэпрэсаваных студэнтаў, зварот аб перайменаванні адной з вуліц Прагі ў гонар Рамана Бандарэнкі.

Маркета Пекарава Адамава паведаміла, што пасля прыняцця чэшскага «Акта Магніцкага» з 2023 года ў Чэхіі з’явіцца магчымасць уводзіць нацыянальныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Удзельнік парламенцкай дэлегацыі, дэпутат Хаята Ёзэф Акамура выказаў намер курыраваць аказанне персанальнай дапамогі беларускім студэнтам у Чэхіі.

Віцэ-прэм’еру Івану Барташу былі перададзеныя зварот і юрыдычнае абгрунтаванне для завядзення крымінальных спраў адносна дзеянняў беларускіх сілавікоў у рамках універсальнай юрысдыкцыі.

Nashaniva.com