У Японіі стварылі прасціны і коўдры, якія імітуюць катоў

Супрацоўніца японскай кампаніі Nissen, якая вырабляе адзенне і тавары для дома, сутыкнулася з праблемай: ёй вельмі хацелася завесці ката, але ў кватэры, дзе яна жыве, гэта забаронена. Котакавярні не ратавалі — жывёлы ў іх не заўсёды згаджаліся на ласку. Тады ў Nissen вырашылі дапамагчы сваёй супрацоўніцы і іншым людзям у такой сітуацыі.

03.11.2022 / 23:22

У фірме распрацавалі спецыяльныя прасціны і коўдры, пры дотыку да якіх з'яўляецца адчуванне, што вы гладзіце ката.

Матэрыял назвалі Neko Feel — Cat Feel, яго стваральнікі кансультаваліся з супрацоўнікамі кампаніі, у якіх дома жывуць гадаванцы.

Пасцельная бялізна даступная ў двух колерах — Russian Blue (шэры) або Scottish Fold (бэжавы). Яны адпавядаюць афарбоўкам рускай блакітнай і шатландскай віславухай пародаў катоў.

Каштуюць такія прасціны і коўдры ад 13 да 40 даляраў, у залежнасці ад памераў. Вытворцы кажуць, што першую партыю раскупілі амаль імгненна.

Nashaniva.com