У Расіі прыхільнікаў мірных перамоў упершыню стала нашмат больш за прыхільнікаў вайны

Расійскі «Левада-цэнтр» апублікаваў вынікі новага замеру грамадскай думкі ў Расіі, прысвечанага стаўленню расіян да вайны ва Украіне. Паводле іх, занепакоенасць украінскімі падзеямі захоўваецца ў Расіі на высокім узроўні, а падтрымка дзеянняў расійскай арміі таксама застаецца высокай. Пры гэтым, аднак, працягвае расці колькасць прыхільнікаў мірных перамоў.

30.10.2022 / 21:57

Расійскія мабілізаваныя. Фота: AP

Бягучыя падзеі ва Украіне, паводле звестак «Левада-цэнтра», вельмі турбуюць 58% рэспандэнтаў, 30% — хутчэй турбуюць. Падтрымка ў рознай ступені дзеянняў расійскага войска ва Украіне трымаецца на ўзроўні мінулага месяца — 73%: найбольшы ўзровень падтрымкі сярод старэйшых узроставых груп (75%), найменшы — для маладых рэспандэнтаў (18-24) — 58% апытаных.

Частковую мабілізацыю сярод усіх апытаных падтрымліваюць 56%, не падтрымліваюць — 38%.

Другі месяц запар назіраецца павольны рост колькасці прыхільнікаў мірных перамоў.

Калі ў жніўні за працяг ваенных дзеянняў выступалі 48% апытаных, у верасні — 44%, то ў кастрычніку — 36%. Адпаведна за пачатак перамоў у жніўні выступалі 44%, у верасні — 48%, у кастрычніку — 57%.

Больш за ўсё прыхільнікаў пачатку мірных перамоў прадстаўлена сярод рэспандэнтаў 18-24 гадоў — 68%, за працяг баявых дзеянняў часцей выступаюць рэспандэнты 55 гадоў і старэйшыя — 42%.

Nashaniva.com