У Кіеве з'явілася вуліца Кастуся Каліноўскага

Кіеўскія ўлады перайменавалі больш за 40 вуліц, завулкаў і плошчаў, назвы якіх звязаныя з Расіяй і савецкім мінулым. Адпаведныя рашэнні прыняла Кіеўская рада падчас пасяджэння 27 кастрычніка, паведаміў мэр сталіцы Віталь Клічко.

27.10.2022 / 20:05

Фота: facebook.com/belwarriors

Новыя назвы для вуліц, завулкаў, бульвараў, праспектаў і плошчаў сталіцы выбіралі кіяўляне ў дадатку «Кіеў лічбавы».

Сярод іншых ва ўкраінскай сталіцы з'явіліся вуліцы ў гонар нядаўна загінулых абаронцаў Украіны: вайскоўца Дзяніса Анціпава, фотакарэспандэнта Макса Левіна, акцёра Паўла Лі, генерала Сяргея Кульчыцкага.

Акрамя ўкраінскіх дзеячаў, ушанаваныя і некаторыя замежныя.

Сярод апошніх — наш герой Кастусь Каліноўскі, у гонар якога перайменаваная вуліца Астраханская. Гэтая вуліца знаходзіцца ў Дняпроўскім раёне, у мясцовасці Старая Дарніца.

На рэйтынгавае электроннае галасаванне ў дадатку «Кіеў лічбавы» было вынесена 296 аб'ектаў, якія адбірала экспертная камісія. Назвы, што атрымалі найбольшую падтрымку кіяўлян, былі перададзеныя ў сесійную залу Кіеўскай рады на галасаванне.

Nashaniva.com