Папа Францішак заклікаў царкоўнікаў выдаліць з тэлефонаў парнаграфію

Папа Рымскі Францішак папярэдзіў святароў і манашак пра небяспеку, якую нясе прагляд парнаграфіі ў інтэрнэце. Пра гэта 86-гадовы Папа заявіў у твітары, адказваючы на пытанне аб тым, як лепш за ўсё выкарыстоўваць лічбавыя і сацыяльныя медыя, паведамляе ВВС.

27.10.2022 / 17:01

Папа Францішак. Фота: AP Photo Alessandra Tarantino

На думку пантыфіка, прагляд парнаграфіі «аслабляе святарскае сэрца». Парнаграфія, па яго словах — «загана, якую маюць вельмі шмат людзей, нават святары і манашкі».

«Д'ябал уваходзіць адтуль. Чыстае сэрца, тое, якое Езус прымае кожны дзень, не можа ўспрымаць гэтую парнаграфічную інфармацыю», — сказаў Папа святарам і семінарыстам.

Ён параіў ім выдаліць парнаграфічны кантэнт з тэлефонаў, каб не мець спакусы, бо Царква разглядае парнаграфію як злачынства супраць цноты.

Папа таксама параіў святарам карыстацца сацыяльнымі сеткамі, аднак не надаваць ім занадта шмат часу. 

Nashaniva.com