Гомельскага «тэрарыста» Альхова накіравалі ў псіхіятрычную лякарню са строгім наглядам

Праваабаронцы дазналіся пра лёс Ігара Альхова, якога суд Цэнтральнага раёна Гомеля абвінавачваў у акце тэрарызму (ч.1 арт. 289 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 386 КК), піша «Вясна».

25.10.2022 / 16:47

Па матэрыялах абвінавачання, Альхоў нібыта хацеў узарваць адміністрацыйны будынак у Гомелі па вуліцы Білецкага, дзеля чаго азнаёміўся на адным з ютуб-каналаў са спосабамі вырабу выбуховых рэчываў. Пасля ён нібыта набыў неабходныя кампаненты для іх вырабу, у тым ліку для сумесевых складаў тыпу «акісляльнік плюс гаручае» і прыгатаваў такую сумесь. Пазней спрабаваў набыць і радыёпульт для ініцыявання зарадаў самаробных выбуховых прылад на адлегласці, аднак ягоная супрацьпраўная дзейнасць была спыненая праваахоўнымі органамі.

У ходзе судовага працэсу і пасля вынікаў псіхіятрычнай экспертызы ў мужчыны былі выяўленыя парушэнні ў псіхічнай сферы. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кармановіч.

Nashaniva.com