СБУ затрымала жыхароў Мікалаева па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе. Яны здымалі сюжэты для расійскіх СМІ

Служба бяспекі Украіны паведаміла аб затрыманні ў Мікалаеве двух мясцовых жыхароў, якіх падазраюць у супрацоўніцтве з расейскімі вайскоўцамі і прапагандыстамі, паведамляе Бі-бі-сі.

25.10.2022 / 11:03

Мужчыны былі завербаваныя расійскімі спецслужбамі пасля пачатку вайны і для маскіроўкі пазіцыянавалі сябе ў якасці блогераў, «якія інфармуюць грамадзян аб унутранай абстаноўцы ў Мікалаеўскай вобласці».

«У выніку следча-аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікі СБУ ўстанавілі «сувязных» расійскай агентуры. Імі аказаліся некалькі прадстаўнікоў інфармацыйнага агенцтва Крамля РІА «Навіны», — паведаміў спікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.

РІА Навіны і расійскія ўлады не каментавалі гэтыя абвінавачванні.

Паводле звестак СБУ, блогеры таемна здымалі заказныя сюжэты для расійскіх дзяржаўных СМІ. Акрамя таго, яны нібыта заклікалі да «захопу паўднёвага рэгіёну і ліквідацыі кіраўніцтва абласной ваеннай адміністрацыі». Яны таксама павінны былі збіраць разведзвесткі аб месцах часовай дыслакацыі і перасоўваннях вайскоўцаў у прыфрантавых раёнах, за што атрымлівалі фінансавую ўзнагароду, заяўляюць у СБУ.

Двое жыхароў Мікалаева арыштаваныя па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе (ч.2 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны).

Nashaniva.com