Апублікаваны праект закона аб амністыі. Палітычным нічога не свеціць

Нарэшце з'явіўся доўгачаканы праект закона аб амністыі, прымеркаванай да «дня народнага адзінства» 17 верасня. Ад таго «дня» прайшоў ужо амаль месяц і нейкі час былі нават падазрэнні, што пра гэтую абяцаную амністыю ўвогуле забыліся. Але яна ўсё ж будзе, хоць нават прабежны погляд на праект закона паказвае, што палітвязняў амністыя калі і закране, то зусім нязначна. 

12.10.2022 / 19:48

Як паведаміў «Нашай Ніве» праваабаронца, для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова праглядзець толькі артыкул 10, у якім пералічваюцца артыкулы, асуджаныя па якіх пад амністыю не патрапляюць.

Там прысутнічаюць усе папулярныя артыкулы, па якіх у Беларусі саджаюць за палітыку: 

130 (распальванне варожасці), 293 (масавыя беспарадкі), 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), 368 (абраза Лукашэнкі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады). 

Таксама там жа адмыслова агаворана, што не будуць вызваляцца асобы, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці» і тыя, хто «злосна парушае ўсталяваны парадак падчас адбывання пакарання ці іншых мераў крымінальнай адказнасці».

Нездарма палітвязняў пастаянна на абсалютна надуманых падставах праганяюць праз ШІЗА і карцары, даюць ім спагнанні і залічваюць у «экстрэмісцкія» і нават «тэрарыстычныя» спісы. 

Зрэшты, паводле арт. 21, «рашэнне аб прымяненні ці непрымяненні гэтага закона прымаецца ў дачыненні да кожнай асобы індывідуальна», таму, магчыма, індывідуальна праз гэтае сіта нехта і праточыцца.

Але агульны сэнс закона — палітвязням наўрад ці даводзіцца на нешта разлічваць, пад амністыю патрапяць толькі чыстыя крымінальнікі. 

Nashaniva.com