Выйшлі на волю два палітвязні

Сёння цалкам адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю два палітвязні — Багдан Шымановіч і Арцём Касач. Пра іх вызваленне паведамляе dissidentby.

10.10.2022 / 18:34

Фота: Арцём Касач

Багдан Шымановіч раней быў анестэзіёлагам-рэаніматолагам, а цяпер ён — самазаняты рамеснік. Багдан быў асуджаны на 1 год «хіміі» за спальванне макета чалавека, на якім вісела таблічка з тэкстам «Восток — в Гаагу». Макет меў знешнія прыкметы, падобныя да Лукашэнкавых.

Арцём Касач — жыхар Віцебска, асуджаны на 1,5 года «хіміі» за абразлівы каментар пад відэа пра чыноўніка Сяргея Сташэўскага, які прымушаў сябраў выбарчай камісіі падрабляць пратаколы. Спачатку яму прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі», аднак пасля пратэсту пракурора прысуд быў зменены на звычайную «хімію».

Nashaniva.com