У Шатландыі памяшканні пачалі ацяпляць энергіяй танцораў

Мастацкая галерэя «SWG3» у Глазга запусціла сістэму ацяплення і астуджэння, якая працуе на энергіі танцораў. Цяпло іх целаў перадаецца праз танцпол і спецыяльную вадкасць-носьбіт у свідравіны глыбінёй 200 метраў, якія можна зараджаць як цеплавую батарэю. Затым энергія паступае да цеплавых помпаў, награецца да патрэбнай тэмпературы і перадаецца ў галерэю.

10.10.2022 / 16:56

«Калі вы танцуеце ў сярэднім тэмпе пад Rolling Stones ці нешта падобнае, вы можаце генераваць 250 Вт, — кажа Дэвід Таунсэнд, заснавальнік кампаніі, якая распрацавала новую тэхналогію ацяплення. — А калі ў вас ёсць дыджэй, які круціць басовыя партыі і прымушае ўсіх скакаць, можна генераваць і 500—600 Вт цеплавой энергіі».

Усталяванне новай сістэмы ацяплення абышлося ў 600 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Супрацоўнікі галерэі адзначаюць, што цяпер яны змогуць адключыць газавыя катлы, і гэта дазволіць ім у разы скараціць колькасць выкідаў вуглякіслага газу.

Nashaniva.com