Расія нанесла масіраваны ракетны ўдар па Украіне, у тым ліку па Кіеве

Паведамляецца пра пуск дзясяткаў ракет. Яны былі скіраваныя як на аб'екты энергетычнай інфраструктуры, так і рандомна на жылыя кварталы гарадоў. Такім стаў адказ Расіі на падрыў Крымскага моста.

10.10.2022 / 09:01

«Некалькі выбухаў у Шаўчэнкаўскі раёне — у цэнтры сталіцы», — паведаміў мэр Кіева Клічко. Адна з ракет упала на вуліцы Уладзімірскай.

Дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка заявіў, што адна з ракет узарвалася ў раёне помніка Грушэўскаму на вуліцы Уладзімірскай.

На фота бачныя палаючыя аўтамабілі.

Ноччу расіяне зноў абстралялі Запарожжа.

Таксама паведамляецца пра абстрэл Дняпра і Мікалаева.

Па жылых кварталах Мікалаева выпусцілі 10 ракет С-300.

У Славянску загінулі як мінімум чатыры чалавекі, адзін хлопчык цудам застаўся жывы: выбуховая хваля выкінула яго праз акно на вуліцу.

Паведамляецца таксама пра работу супрацьпаветранай абароны ў Хмяльніцкай, Львоўскай і Цярнопальскай абласцях.

Nashaniva.com