Лукашэнка перадае танкі Расіі?

У сеціве з’явілася відэа эшалона з вайсковай тэхнікай, які мінае чыгуначную станцыю «Орша». На запісе можна ўбачыць 12 танкаў з маркіроўкай Н-2200 і таварны вагон з трыма чалавекамі ў вайсковай форме.

09.10.2022 / 21:21

Як сцвярджае тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», эшалон накіроўваецца ў бок Расіі і складаецца з танкаў Т-72А. Канал мяркуе, што відэа знятае сёння раніцай.

«Варта адзначыць, што танкі Т-72А не знаходзяцца на ўзбраенні УС РБ. Асноўным баявым танкам УС РБ зʼяўляецца Т-72Б. У адкрытых крыніцах няма інфармацыі аб праграмах мадэрнізацыі танкаў Т-72А у РФ ці РБ, што выключае версію аб магчымай адпраўцы тэхнікі на мадэрнізацыю ў РФ», — піша канал.

«Беларускі Гаюн» выказвае меркаванне, што беларускія ўлады маглі пачаць перадачу Расіі цяжкай бранятэхнікі, знятай з захоўвання.

Сёння Генштаб Украіны заявіў, што ў найбліжэйшы час з тэрыторыі Беларусі «плануецца перамяшчэнне ў Расію яшчэ 13 эшалонаў з боепрыпасамі і матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі».

Nashaniva.com