Кыргызстан адмяніў вучэнні АДКБ «Непарушнае братэрства — 2022»

Правядзенне вучэнняў «Непарушнае братэрства — 2022» было запланаванае ў Кыргызстане ў кастрычніку. Пра іх адмену паведаміла Мінабароны Кыргызстана.

09.10.2022 / 14:40

Фота: «Ваяр»

Верагоднай прычынай адмены вучэнняў стаў канфлікт краіны з іншым чальцом АДКБ — Таджыкістанам. У верасні на мяжы гэтых краін адбылася перастрэлка, загінула некалькі дзясяткаў чалавек, каля 200 былі параненыя.

У Баткенскім раёне, які мяжуе з Таджыкістанам, больш за 136 тысяч чалавек эвакуявалі ў больш бяспечныя раёны.

Раней Мінабароны Арменіі адмовілася ўдзельнічаць у гэтых вучэннях.

У склад Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы ўваходзяць Арменія, Беларусь, Расія, Казахстан, Таджыкістан і Кыргызстан.

Nashaniva.com