Вынеслі жорсткі прысуд таксісту з Ліды за паведамленні ў тэлеграме і знойдзеныя «вожыкі» ў гаражы

У Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд 28-гадоваму кіроўцу таксі з Ліды Эдварду Вільчэўскаму — дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». 

03.10.2022 / 16:15

 Эдвард Вільчэўскі

Згодна з версіяй абвінавачвання, Вільчэўскі «пакідаў экстрэмісцкія паведамленні, якія змяшчаюць падахвочванні, зацікаўленасці і гатовасці да стварэння ўзброеных абʼяднанняў дзеля процідзеяння супрацоўнікам праваахоўных органаў, падахвочвання да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды, гвалту над асобай з прычыны выканання грамадскага абавязку, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў ГУУС з прычыны выканання імі службовай дзейнасці».

Яго асудзілі паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках); арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Прысуд вынес суддзя Мікалай Рачынскі.

Пад вартай мужчына знаходзіцца з 19 красавіка 2022 года. 14 ліпеня Эдварда ўключылі ў «спіс тэрарыстаў». Мужчына ўтрымліваецца ў гродзенскай турме.

Nashaniva.com