У лагеры «Зубраня» адкрылі куток памяці расіяніна, які загінуў на імперыялістычнай вайне ва Украіне

У дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым лагеры «Зубраня» на Нарачы адкрылі мемарыяльны куток у памяць пра Героя Беларусі Мікіту Куканенку і Героя Расійскай Федэрацыі Аляксандра Крыніна, піша «Мінская праўда».

28.09.2022 / 23:03

Фота: mlyn.by

Акцыя прайшла ў рамках Дня «Саюзнай дзяржавы». У свой час абодва вайскоўцы адпачывалі ў гэтым лагеры: Куканенка — у 2012 годзе, а Крынін — у 2010-і.

Мікіта Куканенка — адзін з пілотаў самалета, які 19 мая 2021 года разбіўся каля Баранавічаў. Разам з Андрэем Нічыпорчыкам яны адвялі самалёт ад жылых будынкаў, за што абодвум пілотам пасмяротна надалі званні Герояў Беларусі.

Аляксандр Крынін атрымаў сваё званне за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Паведамляецца, што ён ваяваў на тэрыторыі Харкаўскай вобласці каля населенага пункту Малая Рогань. «28 сакавіка пры выхадзе з акружэння ў складзе групы вайскоўцаў старшы лейтэнант Крынін атрымаў несумяшчальнае з жыццём аскепкавае раненне», — піша «Мінская праўда».

Такім чынам, у беларускім дзіцячым летніку не толькі ўшанавалі памяць расійскага вайскоўца, які загінуў у захопніцкай вайне супраць Украіны, падчас якой творыцца шмат ваенных злачынстваў, але і ўраўнавалі яго з беларускім лётчыкам, які выратаваў шмат людзей цаной свайго жыцця.

Nashaniva.com