Пісьменнік Саша Філіпенка выставіў на аўкцыён свае расійскія літаратурныя ўзнагароды

Грошы ад іх продажу пойдуць праваабарончай арганізацыі «Маскоўская Хельсінкская група». «Упэўнены, сябры журы, якія калісьці адзначылі маю працу, сёння (быць можа, і не ўсе адкрыта) абавязкова падтрымаюць мяне — падтрымайце, калі ласка, і вы!» — напісаў аўтар на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

24.09.2022 / 16:10

У Расіі Саша Філіпенка атрымаў пяць значных узнагарод: прэмію «Ясная Паляна», «Рускую Прэмію», прэміі часопісаў «Знамя», «Сноб» і «Сабака». 

«Усе гэтыя прызы я заўсёды расцэньваў як авансы, усімі гэтымі Прэміямі даражыў, а таму сёння надзвычай рады і ганаруся, што магу выставіць статуэткі на дабрачынны аўкцыён, усе грошы ад якога пойдуць у дапамогу людзям, якія адкрыта выступаюць супраць вайны. Магчыма, кнігі не могуць спыніць кровапраліцце, але іх рэха часам можа камусьці дапамагчы», — напісаў Саша Філіпенка.

Таксама ён адзначыў, што самую першую сваю ўзнагароду — дыплом беларускага ПЭН-цэнтра — пакуль не збіраецца аддаваць. «Але калі вы раптам хочаце займець яго, а ўсе грошы перавесці ў дапамогу беларускім палітвязням — я саступлю», — дадае пісьменнік.

Паўдзельнічаць у аўкцыёне можна 26 верасня з 18.00 да 23.59.

«Выручение наград» — дабрачынны аўкцыён, у рамках якога вядомыя людзі аддаюць свае ўзнагароды — статуэткі, дыпломы і медалі, — каб атрыманыя за іх грошы пайшлі тым людзям, якія пацярпелі праз абвінавачванне ў распаўсюджванні «фэйкаў» і «дыскрэдытацыі арміі».

Чытайце таксама: 

Пісьменнік Саша Філіпенка: Замест халівараў параіў бы беларусам проста ад'я**цца адно ад аднаго

Як жонка Сашы Філіпенкі даказала маці, што ў Расіі нельга быць за мір. «Маша купіла білет Лондан — Пецярбург»

Nashaniva.com