Два раёны Мінска пачалі пераводзіць на артэзіянскую ваду

Фрунзенскі і Маскоўскі раёны Мінска пераводзяць на артэзіянскае водазабеспячэнне. Праект стартаваў, работы пачаліся, пішуць «Мінск-Навіны». 

16.09.2022 / 16:41

Стартаваў падрыхтоўчы этап праекта, які працягнецца 1,5—2 месяцы. Пасля заканчэння гэтага тэрміну рабочыя пачнуць укладваць трубы, рабіць свідравіны.

Неабходна будзе зрабіць больш за 100 свідравін глыбінёй да 350 метраў. Даўжыню кладкі труб ацанілі ў 90 км. Магутнасць аб'екта складзе 200 тыс. м3 вады на суткі, што больш за патрэбу, распавёў дырэктар ГП «Гордорстрой» Сяргей Панеў агенцтву.

«Работы паралельна вядуцца на 7 участках двума генпадрадчыкамі, яны закранаюць Мінскі, Дзяржынскі, Пухавіцкі раёны і горад Мінск», — удакладніў Сяргей Панеў.

Мяркуецца, што цалкам работы завершацца ў 2025 годзе.

Nashaniva.com