Ціханоўская: Сахашчык плануе адмовіцца ад расійскага грамадзянства

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю сайту «Зеркало» сказала, што не ведала пра наяўнасць у Валерыя Сахашчыка расійскага пашпарта. Цяпер, паводле яе, праводзіцца ўнутранае расследаванне і будуць выпраўляцца памылкі.

14.09.2022 / 17:10

Фота: Радыё Свабода

«Дзеянні Валерыя з моманту пачатку вайны ва Украіне паказалі, што ён у першую чаргу адстойвае інтарэсы беларусаў, а не чужыя ці нават свае ўласныя. Ён стаў першым беларускім афіцэрам, які звярнуўся да вайскоўцаў з заклікам не здзяйсняць злачынстваў супраць народаў Беларусі і Украіны і не выконваць злачынныя загады. Валерый узяў на сябе кірунак па нацыянальнай бяспецы і абароне ў Аб'яднаным кабінеце, ведаючы, якую небяспеку і адказнасць гэта за сабой цягне», — расказала Ціханоўская.

«Мы выдатна разумелі, што спробы з боку рэжыму дыскрэдытаваць членаў Кабінета непазбежныя, і гэта толькі першая. Фігура Сахашчыка стала адной з найбольш небяспечных для іх, таму ён сам, яго блізкія і яго рэпутацыя будуць пад пастаяннымі ўдарамі прапаганды», — адзначыла яна.

Паводле Ціханоўскай, Валерый Сахашчык ужо выказаў жаданне аформіць афіцыйную адмову ад расійскага грамадзянства, каб пазбегнуць далейшых нападаў з боку прапаганды.

Чытайце таксама:

Спецслужбы пры ператрусе знайшлі ў Сахашчыка расійскі пашпарт. Як гэта тлумачыць сам афіцэр?

Nashaniva.com