СМІ: Калабарант, які ўзначальваў акупаваную Херсонскую вобласць, не быў атручаны. У яго іншыя праблемы

Уладзімір Сальда, якога расіяне прызначылі кіраўніком Херсонскай вобласці, не быў атручаны, гэта была аперацыя прыкрыцця. Пра гэта піша канал «Можем объяснить» са спасылкай на крыніцу ў расійскай уладзе. Але да кіравання Херсонскай вобласцю Сальда не вернецца.

13.09.2022 / 12:28

«Сальда не быў у коме, гэта прыкрыццё. Ён пракраўся, пасля чаго быў фактычна адхілены ад пасады кіраўніка адміністрацыі Херсонскай вобласці», — сцвярджае суразмоўца журналістаў.

Паводле яго, афіцыйна абвінавачванне кіраўніку акупаванага рэгіёна прадʼявіць не могуць, бо грошы туды паступаюць з Масквы наяўнымі.

Як пераемніца Сальда разглядаецца яго намесніца ў акупацыйнай адміністрацыі Кацярына Губарава, паведаміла крыніца.

У жніўні СМІ распаўсюдзілі звесткі пра атручванне і нават смерць Сальда.

Пазней ён сам апублікаваў відэа, у якім заявіў, што на працягу некаторага часу «быў пад апекай вельмі сурʼёзных лекараў, каб паправіць сваё здароўе».

Nashaniva.com