Украінцы ўзнялі свае сцягі ў пасёлку Казачая Лопань на поўначы Харкаўшчыны — на самай мяжы з Расіяй

Мясцовыя жыхары ўзнялі ўкраінскія сцягі ў пасёлку гарадскога тыпу з 5-тысячным насельніцтвам Казачая Лопань на поўначы Харкаўшчыны, на самай мяжы з Расіяй. Гэта здарылася пасля адыходу расійскіх часцей. Казачая Лопань была пад акупацыяй з сакавіка гэтага года.

11.09.2022 / 13:31

Прычыны расійскага адступлення тут не ясныя, бо ўкраінскі наступ ад Купянска ў кірунку Ваўчанска адбываецца прыкладна за 100 км адсюль на паўднёвы ўсход. Магчыма, Расіі крытычна бракуе сілаў, каб утрымаць новы рубеж абароны па Асколе і Данцы, і Масква вымушаная перакідваць туды падмацаванне, агаляючы іншыя кірункі ў спадзяванні, што ўкраінскія войскі ўсё адно не будуць пераходзіць дзяржаўную мяжу.

На мапе — фронт у ацэнцы расійскага франтавога блогера «Рыбаря» па стане на абед 11 верасня. Кірункі адступлення з Казачай Лопані і Вялікіх Праходаў пазначаныя чырвонымі стрэлкамі, якія вядуць на тэрыторыю Расіі. Інфармаваны блогер пазначае тэрыторыю ад Гур’евага Казачка пад самы Ваўчанск як ужо пакінутую расійскімі войскамі.

Nashaniva.com