Гродзенец загінуў, папаўшы пад уласную машыну

Незвычайная дарожная аварыя са смяротным вынікам адбылася сёння раніцай у Валожынскім раёне на аўтатрасе М6 «Мінск — Гродна». Легкавік «Фіят», які стаяў на ўзбочыне, збіў насмерць свайго ж 55-гадовага гаспадара, што знаходзіўся побач.

06.09.2022 / 19:58

Паводле ДАІ УУС Міналвыканкама, каля 05:20 55-гадовы гродзенец ехаў на аўтамабілі «Фіят Паліа» па аўтатрасе М6 «Мінск — Гродна» ў напрамку Гродна.

На 49-м кіламетры трасы мужчына не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў раздзяляльную тросавую агароджу. Пасля гэтага «Фіят» развярнула і адкінула назад на правую паласу.

Кіроўца ў выніку гэтай аварыі не пацярпеў. Выклікаўшы эвакуатар, ён выйшаў з машыны і стаяў на ўзбочыне каля яе. І трэба ж было так стацца, што прыкладна ў 05:46 па гэтай жа самай паласе ехаў фургон «Рэно Майстар» пад кіраваннем 47-гадовага кіроўцы, які недагледзеў і ўрэзаўся ў «Фіят».

Легкавік ад удару адляцеў убок і збіў свайго гаспадара. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр на месцы здарэння. 

Nashaniva.com