У Запарожскай вобласці знайшлі павешаным начальніка паліцыі прарасійскай адміністрацыі

28.08.2022 / 17:40

Андрэй Рыжкоў

У Міхайлаўцы Запарожскай вобласці Украіны знойдзены мёртвым кіраўнік паліцыі Андрэй Рыжкоў. Пра гэта паведамляе «Укрінфарм» са спасылкай на Запарожскую абласную ваенную адміністрацыю.

Міхайлаўка цяпер знаходзіцца пад кантролем расійскіх войскаў, а Рыжкоў узначаліў мясцовую паліцыю пасля фармавання ў населеным пункце прарасійскай адміністрацыі. Ён знойдзены павешаным, але пакуль невядома, была яго смерць гвалтоўнай ці гаворка ідзе пра самагубства.

Рыжкоў служыў ва ўкраінскіх памежных часцях, пасля сыходу ў адстаўку заснаваў грамадскую арганізацыю «Памежнікі Міхайлаўшчыны». Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, ён сам звярнуўся да прарасійскай адміністрацыі і прапанаваў сябе ў якасці «начальніка паліцыі».

Пра смерці супрацоўнікаў прарасійскіх адміністрацый на ўкраінскіх тэрыторыях, узятых пад кантроль расійскімі войскамі, паведамлялася і раней. 24 жніўня ў выніку падрыву аўтамабіля загінуў кіраўнік прарасійскай адміністрацыі той жа Міхайлаўкі Іван Сушко. А 26 жніўня ў Бярдзянску быў узарваны аўтамабіль намесніка начальніка гарадскога ДАІ Аляксандра Калеснікава, ён памёр у шпіталі.

Nashaniva.com