«Энергаатам»: Упершыню ў гісторыі адбылося поўнае адключэнне ад сеткі Запарожскай АЭС

Як сцвярджаецца ў паведамленні ўкраінскага «Энергаатама», сёння з-за пажараў на попелаадвалах Запарожскай ЦЭС, размешчанай побач з ЗАЭС, двойчы адключалася чацвёртая і апошняя лінія сувязі ЗАЭС з энергасістэмай Украіны. Тры іншыя лініі сувязі былі пашкоджаныя ў выніку расійскіх абстрэлаў.

25.08.2022 / 16:57

У выніку два энергаблокі станцыі, якія цяпер працуюць, адключыліся ад сеткі. Адбылося першае ў гісторыі поўнае адключэнне ЗАЭС ад энергасеткі, і цяпер вядуцца пускавыя аперацыі па падключэнні аднаго з іх назад, заявілі ў «Энергаатаме».

Раней на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей узніклі перабоі з электрычнасцю. Падкантрольныя Расіі ўлады рэгіёнаў назвалі прычынай кароткае замыканне праз пажар, выкліканы абстрэлам з боку УСУ.

У сваю чаргу, абраны мэр горада Энергадара Дзмітрый Арлоў звязаў перабоі ў пастаўках электрычнасці і вады ў горадзе з абстрэламі расійскіх вайскоўцаў. Паводле апошніх заяваў акупацыйных уладаў, энергазабеспячэнне на тэрыторыі Запарожскай вобласці адноўленае, а ў Херсонскай вобласці падачу электраэнергіі абяцаюць аднавіць у найбліжэйшы час.

Nashaniva.com