Жазэп Барэль выказаўся супраць поўнай забароны на візы для расіян

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль 22 жніўня выступіў супраць ідэі поўнай забароны выдачы шэнгенскіх візаў для расіян. Ён назваў гэтую ідэю «вельмі супярэчлівай прапановай» з-за таго, што розныя краіны Еўрасаюза маюць розныя пазіцыі на гэты конт.

22.08.2022 / 22:05

Жазэп Барэль. Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert

«Гэта вельмі супярэчлівая прапанова. Некаторыя краіны ўжо прынялі пэўныя меры ў сувязі з гэтым, іншыя не збіраюцца гэта падтрымліваць. Я думаю, што забараніць уезд усім расіянам — нядобрая ідэя. Нам трэба дзейнічаць больш выбарачна», — сказаў Жазэп Барэль.

На думку Барэля, можна забараніць уезд у Еўрасаюз вядучым расейскім бізнесменам, але не простым расейцам, якія хочуць з’ехаць з Расіі.

Раней некалькі еўрапейскіх краін выказваліся аб неабходнасці поўнай забароны на выдачу шэнгенскіх віз расіянам на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза. Сярод гэтых краін былі Эстонія, Латвія, Літва, Фінляндыя, Польшча, Чэхія і Славакія. Аднак некаторыя краіны ЕС выступілі супраць — у тым ліку Германія, Францыя і Нідэрланды.

Для беларусаў гэтае пытанне балючае перадусім таму, што некаторыя краіны не схільныя рабіць адрозненне паміж грамадзянамі Расіі і Беларусі і гатовыя аўтаматычна пашыраць усе абмежавальныя захады на абедзве краіны. Між тым для грамадзян Беларусі, у якой ужо два гады разгортваюцца і не збіраюцца спыняцца палітычныя рэпрэсіі, магчымасць мець шэнгенскую візу можа стаць у пэўных умовах літаральна пытаннем жыцця і смерці.

Nashaniva.com