У Беларусі хочуць друкаваць ежу на 3D-друкарках

Дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Гардзей Гусакоў расказаў у эфіры СТВ аб 3D-тэхналогіі мяснога прынтынгу, якую распрацоўваюць зараз беларускія навукоўцы. Паводле яго слоў, спецыялісты распрацоўваюць мясную эмульсію, якую можна будзе выкарыстоўваць для друку прадуктаў на 3D-друкарцы.

22.08.2022 / 21:30

3D-друкарка для друку ежы

Зараз беларускія навукоўцы ўжо ўмеюць друкаваць, напрыклад, рыкоту або маскарпоне. Калі ж створаць «3D-каўбасу», Гусакоў не ўдакладніў. Але адзначыў:

«Гэта 3D-друкарка. Друкаваць можна не толькі пластыкам, не толькі металам. Мы прыходзім да высновы, і ўвогуле гэта агульнасусветная практыка, што друкаваць можна і ежай. Што, уласна кажучы, зараз і адбываецца».

У той жа час спецыяліст расказаў, што ўжо да пачатку 2023 года спецыялісты навукова-практычнага цэнтра маюць намер выпусціць беларускую вегетарыянскую каўбасу. Па яго сцвярджэнні, яна не будзе саступаць звычайнай каўбасе паводле спажыўных і фізіка-хімічных уласцівасцяў (па ўтрыманні бялкоў, тлушчаў і іншых рэчываў).

Nashaniva.com