На Буйніцкім полі хочуць узвесці музей у выглядзе савецкага ордэна

На Магілёўшчыне плануецца будаўніцтва буйнога ідэалагічнага аб'екта — музея Вайсковай Славы Магілёўскай вобласці. Ён мае месціцца ў раёне мемарыяльнага комплекса «Буйніцкае поле» ў Магілёве. З 22 ліпеня па 15 жніўня павінна было адбыцца грамадскае абмеркаванне праекта, інфармацыя пра які была выстаўлена на сайце Магілёўскага гарвыканкама. 

19.08.2022 / 23:04

Аўтары праекта лічаць, што «абарона горада Магілёва ў 1941 годзе стала «правобразам гераічнай абароны Сталінграда», прыкладам для іншых бітваў». А «каб задзейнічаць у поўнай ступені патэнцыял мемарыяла, магілёўскаму рэгіёну неабходны новы, сучасны музейна-культурны комплекс, які перадасць вялікі подзвіг народа, гераізм і мужнасць абаронцаў Прыдняпроўскага краю». 

Музейны комплекс прапануецца ўзвесці ў форме ордэна Айчыннай вайны, «які плаўна ўпішацца ў агульную канцэпцыю і стане складовай часткай мемарыяльнага комплексу». 

У адпаведнасці з гэтым цэнтральную частку будынка прапануецца прадставіць у выглядзе малюнка пяціканцовай зоркі. Па баках ад яе плануецца ўзвесці дадатковыя карпусы ў выглядзе ордэнскай стужкі, дзе размесцяцца актавая і канферэнц-залы, адміністрацыйна-бытавая частка.

Такім чынам,

«агульны выгляд усяго будынка візуальна будзе перадаваць малюнак пяціканцовай зоркі, размешчанай па-над ордэнскай стужкай у гарызантальным становішчы».

Акрамя таго, на адкрытым паветры плануецца знешні амфітэатр са сцэнай і колькасцю пасадачных месцаў на 1000 чалавек.

Дах цэнтральнай часткі будынка ў выглядзе зоркі збіраюцца ўзвесці пад вуглом. Бо «дадзенае рашэнне будзе спрыяць магчымасці поўнага агляду будынка ў выглядзе ордэна Айчыннай вайны». Але пытанне, ці можна гэта будзе такую форму сапраўды пабачыць, не падымаючыся на вышыню птушынага палёту. 

Nashaniva.com