«Складаная аперацыя на сэрцы, ледзь выжыў»: стала вядома, чаму змянілі кіраўніка справамі Лукашэнкі

Учора стала вядома, што з пасады пасля хадатайніцтва аб пераводзе на іншую работу зняты Валерый Іваноў — прызначаны толькі ў ліпені 2021-га пераемнік Шэймана ў Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі. Чаму топавы чыноўнік так мала часу правёў на пасадзе? 

17.08.2022 / 12:14

Валерый Іваноў. Фота: Нацыянальны прэс-цэнтр

Рупар Аляксандра Лукашэнкі, тэлеграм-канал «Пул первого», паведаміў, што Іванову знойдзецца новае месца работы «пасля паляпшэння стану здароўя». 

Што адбылося з чыноўнікам, які, як кажуць, узорна паспяхова працаваў? 

Як стала вядома «Нашай Ніве», сыход Іванова з пасады выкліканы праблемамі з сэрцам — два месяцы таму ён перанёс цяжкую аперацыю. 

«Займаўся спортам, і прыхапіла сэрца», — кажуць нам знаёмыя з сітуацыяй. 

«Калі абследавалі — аказалася, што сасуды ў кепскім стане, кроў ледзь ходзіць. Ну і да хірурга на стол яго. Найцяжэйшая аперацыя была, перасаджвалі сасуды — бралі з нагі і трансплантавалі ў вобласць сэрца. Вялікі шанец быў, як кажуць, і не выжыць. А ён узяў і праз тыдзень пасля аперацыі ўжо падскочыў і пайшоў на работу. Паспяшыў — не ўдалося аднавіцца. А чыноўнікі яго ўзроўню на рабоце, фактычна, да зморы — і спіш там, і жывеш там, высокая нагрузка. Гэта лагічна, што ён такога рытму ўжо вытрымаць не можа — трэба за здароўем сачыць», — сказалі нам.

Іваноў мае рэпутацыю моцнага менеджара. Палітычна ён застаецца верным Лукашэнку. 

Дапоўніць тэму ці паведаміць навіну можна наўпрост звязаўшыся з аўтарам праз тэлеграм @artsiom_harbatsevich ці напісаўшы на мэйл a.harbatsevich@gmail.com 

Арцём Гарбацэвіч