Следчы камітэт: За два гады заведзена больш за 11 тысяч крымінальных спраў за «злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці»

Следчы камітэт падвёў вынікі працы за першае паўгоддзе і сярод іншага назваў лічбу, якая сведчыць пра маштабы разгорнутага ў Беларусі пасля выбараў 2020 года дзяржаўнага тэрору. Паводле звестак СК, за перыяд з 9 жніўня 2020 года па 1 ліпеня 2022 года ўзбуджана больш за 11 тысяч крымінальных спраў «аб злачынствах экстрэмісцкай скіраванасці». То-бок, калі ўлічваць спецыфіку лукашэнкаўскага «наваязу» — заведзеных па палітычных матывах.

11.08.2022 / 21:46

Следчы камітэт у справаздачы таксама наракае, што, «нягледзячы на ўстойлівае зніжэнне ўзроўню злачыннасці, тэндэнцый да скарачэння нагрузкі ў працы ведамства не назіраецца з-за росту цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў». На разглядзе ў следчых — амаль 73 тысячы заяў і паведамленняў аб «учыненых злачынствах». Колькі з іх палітычных — не ўдакладнялася. 

У кожным разе палітычныя расправы спыняць ці нават запавольваць не збіраюцца і надалей. Асаблівую ўвагу, падкрэсліваецца ў справаздачы, неабходна «надаць інстытуту спецыяльнай вытворчасці і сфармаваць адзіную практыку». Гаворка — пра нядаўна ўведзеныя завочныя суды, на якіх будуць судзіць тых апанентаў рэжыму, якія выехалі за мяжу.

Nashaniva.com