Украінскі бок: Выбухамі ў Крыме знішчана 9 самалётаў, аэрадром выведзены са строю

На авіябазе «Сакі» ў часова акупаваным Крыме ў выніку ўчорашніх выбухаў знішчана 9 самалётаў, аэрадром выведзены са строю. Пра гэта напісаў у фэйсбуку старшыня камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і разведкі Аляксандр Завітневіч.

10.08.2022 / 20:36

«Мінус 9 самалётаў акупантаў, выведзены з ладу аэрадром! Мяркуючы па выбухах, на авіябазе «Сакі» ў часова акупаваным Крыме таксама патрапілі і ў склад авіяцыйнага ўзбраення. На гэтай базе расіяне ў асноўным размяшчалі шматмэтавыя знішчальнікі Су-30СМ, тактычныя разведчыкі Су-24МР, вайскова-транспартны Іл-76 і іншую авіятэхніку», — адзначыў дэпутат.

Паводле інфармацыі Завітневіча, з Новафёдараўкі выляталі самалёты, якія наносілі ракетныя ўдары па Украіне, у прыватнасці супрацьрадыёлакацыйнымі ракетамі для падаўлення ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

«Гэты аэрадром з'яўляецца адным з ключавых аэрадромаў Крымскага паўвострава для расійскай авіяцыі. Да 2014 года гэта была база Узброеных сілаў Украіны, якую мы абавязкова вернем», — падкрэсліў ён.

9 жніўня прагучала серыя выбухаў і адбыўся пажар на тэрыторыі аэрадрома «Сакі» ў раёне населенага пункта Новафёдараўка ў часова акупаваным Расіяй Крыме. Паводле звестак крымскіх СМІ, адзін чалавек загінуў і яшчэ пяцёра пацярпелі.

У Мінабароны Расіі сцвярджалі, што выбухі адбыліся нібыта з-за таго, што здэтанавалі боепрыпасы. Паведамлялася пра пацярпелых і аднаго загінулага. 

Nashaniva.com