«У тыдні сем дзён — ніяк ночы напалову не дзеляцца». Як завесці поліаморны шлюб з мужам і палюбоўнікам і выжыць у ім

Што такое поліаморыя, якая розніца паміж ёй і здрадамі, у чым радасці і цяжкасці такіх стасункаў — распавяла гераіня падкаста «Полчаса кардио».

06.08.2022 / 16:24

Іна. Скрын з відэа

На трэцім годзе шлюбу Іна з мужам выявілі, што неяк у іх не клеіцца. Дакладней, клеіцца ўсё, акрамя пасцелі. Аказалася, па словах Іны, у іх «розныя палавыя канстытуцыі»: «Мне трэба больш сэксу, чым яму. Значна больш».

Іне здавалася, што з ёй нешта не так. Потым здавалася, што гэта з мужам нешта не так. Потым «кінуліся ў тэорыю сексалогіі», каб разабрацца, як гэта працуе.

Калі прыйшло разуменне, што ў іх розныя апетыты да сэксу, паўстала пытанне, як быць. Таму што «астатняе ў адносінах было шыкоўна».

Чаму не развяліся? Іна кажа, што яны «амаль развяліся» тры разы. Але вырашылі, што нават калі знайсці кагосьці лепшага ў сэксе, то «нейкая фігня» можа быць у чымсьці іншым. Чаму не паспрабаваць спачатку тут нешта выправіць?

Адкрытыя адносіны

Іна з сям'і, дзе бацькі жывуць, што называецца, усё жыццё адзін з адным. Яна кажа, што не магла ўявіць, што ў яе пары з'явіцца нехта яшчэ. Але аднойчы наткнулася на адказ псіхолага на пытанне, што рабіць, калі ў партнёраў розныя патрэбы ў сэксе. Той сказаў, што некаторыя «адкрываюць» шлюб і «дабіраюць убаку». 

Муж пагадзіўся паспрабаваць. Але спачатку стратэгія мужа была такая — «рабі як хочаш, але я не хачу нічога ведаць». «Дзіўна, канечне, нічога не ведаць, калі ты ведаеш, што нешта можа быць».

У выніку першая ж спроба завесці сэксуальнага партнёра абярнулася тым, што муж «спаліў»: Іна сказала, што начавала ў сяброўкі, муж патэлефанаваў сяброўцы, тая нічога не ведала. «Усё было максімальна камічна, як па падручніку».

Пасля гэтага выпадку пара «передамовілася» — таямніцы тут не працуюць, не будзем ставіць адзін аднаго ў няёмкае становішча, усе ўсё разумеюць.

Іна папярэджвала мужа, калі яна будзе адсутнічаць. Але і ёй такія эксперыменты даваліся няпроста. «То мне здавалася, што я яму здраджваю, то я супакойвала сябе, што мне дазволілі. З маральнага пункту гледжання, гэта няпростае пытанне аказалася раптам», — кажа яна. 

Праз некалькі месяцаў Іна сустрэла хлопца, якога спачатку не разглядала ў якасці партнёра. Аднак выявілася, што ім разам добра.

І яна вырашыла, што «адкрытыя» адносіны «закрываюцца», таму што гэта «гемарна» — кожны раз даведвацца, што за чалавек твой новы партнёр. Дзяўчына спынілася на двух партнёрах, адзін з іх — муж.

«На той момант гэта яшчэ не была як такая поліаморыя, — кажа Іна, — таму што поліаморыя ўключае слова «амор», закаханасць. На той жа момант гэта былі проста палігамныя адносіны з майго боку, у мяне не было ніякіх пачуццяў да новага партнёра і не меркавалася, што яны ўзнікнуць. Мужу таксама было спакайней, што гэта будзе адзін чалавек, а не я з мужыкамі раз'язджаю па горадзе. Ну ці не з мужыкамі, улічваючы маю бісэксуальнасць», — дадае яна.

Муж таксама мог схадзіць на спатканні. Іне важна было ведаць, навошта яму гэта. «Таму што са мной было ўсё зразумела: я не дабіраю неабходнае мне, а яму мяне было дастаткова, таму мне было цікава, навошта яму нехта яшчэ».

Поліаморыя

З новым партнёрам эксперыментаваць было прасцей. Дайшлі да БДСМ. «Гэта больш пра давер, пра эмацыйную залежнасць, пра вялікую ўключанасць. Аказалася, што эмацыйны складнік таксама пачынае з'яўляцца ў гэтых адносінах».

Фота: pixabay.com

Іна адчула, што ў яе з'яўляюцца пачуцці да другога партнёра.

Гэта была найбольш складаная размова з мужам пасля той, самай першай, калі пара думала, як вырашаць праблему. Мужу здавалася, што яму наогул не застанецца месца ў гэтых адносінах. Там будзе сэкс, вечарынкі, забавы, а дома — сумны побыт.

І нейкі перыяд так і было. «Перада мной адкрыўся цэлы свет эксперыментаў», — кажа дзяўчына.

Муж прасіў распавядаць, што адбываецца, што яна спрабуе, што ёй падабаецца, у чым ён можа паўдзельнічаць, што ён можа з ёю падзяліць. «Для нас гэта было якарам, каб не гублялася тая самая блізкасць».

Абодва мужчыны чулі адзін пра аднаго. Аднойчы яны нават сустрэліся — перакідвалі рэчы Іны з машыны аднаго ў машыну другога. Проста павіталіся, і ўсё.

Праз тры гады яны разам адзначалі Новы год у вялікай кампаніі. Частка сяброў нават ведала, хто гэты чалавек.

У сям'і з'явіўся «мемасны чацік на траіх», таму што Іна стамілася кідаць «мемасікі» на два бакі.

Якая была рэакцыя знаёмых?

Сяброўкі сказалі: дык, можа, і не той, і не другі? Можа, трэці патрэбны? У ходзе абмеркаванняў пытанне звялося да іншага: навошта два?

«У кожным з іх мне падабалася тое, што не можа спалучацца ў адным чалавеку. Умоўна, у мужы я цаню стабільнасць, разуменне таго, што гэта мая апора. А з партнёрам наадварот — у мяне былі такія абсалютна падлеткавыя адносіны, дзе ён — вольны мастак, вечна няма грошай, затое мы будзем паліць на балконе, сустракаць світанкі. Гэта не можа спалучацца ў адным чалавеку», — тлумачыць яна.

З часам паўстала іншая праблема: Іна стала жыць на два дамы.

«У мяне быў нейкі пункцік, я спрабавала хлопцаў выраўняць у правах, хоць першапачаткова гэта была дурная ідэя: муж, зразумела, меў больш прыярытэтны статус і афіцыйна, і ў маім уяўленні. Але ў тыдні сем дзён, ніяк ночы напалову не дзеляцца. І гэта насамрэч была праблема. Таму што ў той момант мне сталі прад'яўляць: нешта ты там стала заставацца часцей, а ў нас былі такія і такія планы».

 

Фота: pixabay.com

Як знаходзіць час на дваіх партнёраў?

Цяжка. «Дзве штукі манагамных адносін, груба кажучы. Калі адбываецца сварка з гэтага боку, цяжка яе не ўнесці сваім настроем, яшчэ неяк у іншыя адносіны. Цяжка не ўключыць партнёра ў абмеркаванне канфлікту з іншым партнёрам: «Ну, скажы, што я ж маю рацыю».

Рэўнасць

З боку мужа рэўнасці асабліва не было. «А калі яна была, то мы яе прагаворвалі, што яго хвалюе, чаму, што мы можам з гэтым зрабіць. З боку другога партнёра рэўнасці было значна больш, таму што ён загадзя быў у больш пройгрышнай сітуацыі, яму заўсёды мяне было мала. Ён — прыхільнік манагамных адносін. У яго не было іншых адносін».

Муж хадзіў на спатканні, але далей спатканняў, мяркуе Іна, справа не даходзіла. Яна таксама адчувала рэўнасць. «І гэта таксама быў момант прагаворвання».

Іна кажа, што ў адносінах лёгка страціць сябе. І ў манагамных, калі людзі імкнуцца зліцца да «мы». І ў такіх палігамных. «Калі цябе перацягваюць як коўдру, знайсці сябе і застацца ў сваіх патрэбах вельмі цяжка». Па дапамогу яна звярталася да псіхатэрапеўта.

Парады

Іна дае парады тым, хто хоча паспрабаваць поліаморныя адносіны, каб уваходжанне і выхад з іх былі больш лёгкімі.

Трэба зразумець, навошта вам гэта, якую мэту вы ставіце. Мала каму насамрэч патрэбная поліаморыя. Часцей за ўсё гэта жаданне эксперыменту. Калі гэта сапраўды тое самае адчуванне, што і той, і іншы чалавек важныя, то гэта падобна да поліаморыі.

Трэба адказаць на пытанне, вам з гэтым дакладна будзе окей? Усім?

Трэцяя парада. Трэба вызначыць фармат адносін. Калі чаканне і рэальнасць разыходзяцца, гэта складана разрульваць, асабліва калі ёсць тры чалавекі, і кожны думаў, што яно будзе неяк інакш.

«Сумуючы ўсе парады, галоўнае — гэта ўменне размаўляць, ведаць, што вам трэба, што партнёру трэба. Як і любыя адносіны, толькі ў падвойным памеры. Паводле майго досведу, гэта не быў перыяд блізкасці з мужам. Гэта быў кампраміс, а кампраміс гэта такая штука, калі дрэнна і таму, і іншаму», — нечакана рэзюмуе яна.

Іна, не раскрываючы падрабязнасцяў, кажа, што гэтая гісторыя скончылася. Але запэўнівае, што поліаморыя для яе шлюбу «спрацавала на той момант».

Чытайце таксама:

«Ён не ведаў, што мне падабаюцца дзяўчаты». Бісэксуалка расказала пра свой досвед

Інтымны пірсінг паляпшае аргазм? Асабісты досвед дзяўчыны

«Замест партнёра ўяўляю іншага чалавека. Чаму?» Задаем няёмкія пытанні пра сэкс

Nashaniva.com