Уладальніка сеткі крам касметыкі з Гомеля асудзілі на два гады за «распальванне варожасці»

Гомельскі абласны суд 2 жніўня асудзіў уладальніка гомельскай сеткі крам касметыкі «Красуня» Паўла Бабчанку да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».

02.08.2022 / 14:58

Судовы працэс вёў суддзя Васіль Бягун.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у верасні 2020 года Бабчонак апублікаваў у сацсетцы скрыншот, на якім быў кадр з пратэстаў у жніўні 2020 года на вуліцы Савецкай у Гомелі. Свой допіс ён суправадзіў тэкстам, у якім назваў сілавікоў «недалюдзьмі» і выказаў надзею, што яны «адкажуць за злачынствы супраць свайго народа».

У 2021 годзе мужчына праходзіў па адміністрацыйнай справе «за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Тады сваю віну індывідуальны прадпрымальнік прызнаў цалкам і заплаціў штраф. З цяперашнім абвінавачваннем гамяльчук пагадзіўся часткова. На судзе ён растлумачыў, што не меў намеру распальваць сацыяльную варожасць.

Суд пакараў бізнэсоўца пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.