Падатковая растлумачыла, каму давядзецца плаціць падатак за збор грыбоў і ягад

У Міністэрстве па падатках і зборах патлумачылі ўмовы аплаты падатку на збор ягад, грыбоў і лекавых раслін. Даваць справаздачу за такое хобі, нават калі яно адначасова і спосаб заробку, як высветлілася, прыйдзецца толькі ў асобных выпадках. Пры гэтым чалавеку не трэба будзе самастойна ісці ў падатковую. Пра гэта ў эфіры Беларускага тэлебачання сказаў Андрэй Кавалеўскі, начальнік Галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства.

01.08.2022 / 19:06

«Калі падатковы орган робіць кантроль за даходамі і выдаткам грамадзяніна, ён пытаецца: дзе ж вы ўзялі сродкі для набыцця дарагога транспарту, нерухомасці і гэтак далей? А плацельшчык заяўляе, што гэтыя сродкі ён зарабіў ад збору і здачы грыбоў і ягад. Толькі ў гэтым адзіным выпадку можа быць даплата падатку», — растлумачыў чыноўнік.

Прычым налічвацца гэты падатак будзе толькі ў тым выпадку, калі агульная сума даходаў ад збору ягад ці грыбоў перавысіць 200 базавых велічынь — гэта каля 6400 беларускіх рублёў. Памер падатку ў такой сітуацыі складзе 10 % ад заробленай сумы.

Калі ж чалавек проста збірае ягады ці грыбы і іх здае або прадае, то звяртацца ў падатковую інспекцыю яму, па словах Андрэя Кавалеўскага, не прыйдзецца, нават калі памер ягонага даходу і перавысіў 200 базавых за год.

Nashaniva.com