У Прыднястроўі заявілі, што маюць намер дабівацца незалежнасці ад Малдовы і далучыцца да Расіі

Кіраўнік МЗС непрызнанай рэспублікі заявіў, што «вектар Прыднястроўя нязменны» — дамагчыся прызнання незалежнасці і ўваходжання ў склад Расіі.

22.07.2022 / 08:31

Кіраўнік МЗС непрызнанага Прыднястроўя Віталь Ігнацьеў заявіў, што Тыраспаль мае намер дамагацца незалежнасці з наступным далучэннем да Расіі.

Па словах Ігнацьева «вектар Прыднястроўя на працягу ўсіх гадоў існавання рэспублікі застаецца нязменным», што адлюстравана ў выніках рэферэндуму верасня 2006 года: тады, па даных Прыднястроўскай ЦВК, за незалежнасць рэспублікі і ўваходжанне ў склад Расіі выказаліся 97% удзельнікаў.

Ігнацьеў дадаў, што ўлады Прыднястроўя будуць дзейнічаць «прагматычна і сумленна» і не стануць прымаць рашэнняў «на шкоду паўмільённага народа краіны».

На пачатку мая кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі казаў, што рэспубліка павінна быць прызнаная не вайсковым, а мірным шляхам, «за сталом перамоваў, у дыялогу». Ён адзначыў, што ўзброены канфлікт нікому не патрэбны, жыхары Прыднястроўя «ведаюць, што такое вайна, і цэняць мір». 

Nashaniva.com